ФІЛАСО́ФІЯ ЖЫЦЦЯ́,

1) «практычная філасофія», філасофія, арыентаваная на распрацоўку праблем сэнсу, каштоўнасці і мэты жыцця, пашырэнне этычных і прагматычных прынцыпаў паводзін. Да прадстаўнікоў Ф.ж. адносяць многіх дасакратыкаў (асабліва Эмпедокла) і стоікаў, М. дэ Мантэня, Ф. дэ Ларошфуко, ням. натурфілосафаў 16—17 ст. (Парацэльс, Я.​Б.​Гельмант), ірацыяналістаў 18 ст. (І.​Г.​Гаман і інш.), Ф.В.​І.​Шэлінга і інш. 2) Кірунак у зах.-еўрап. філасофіі канца 19—пач. 20 ст., у якім зыходным з’яўляецца паняцце «жыццё» як першасная рэальнасць, не тоесная ні духу, ні матэрыі. Узнікненне Ф.ж. выклікана імкненнем абгрунтаваць беспадстаўнасць рацыяналізму і абвергнуць прынцыпы метадалагізму і гнасеалагізму, што панавалі ў філасофіі на мяжы 19—20 ст. (пазітывізм, неакантыянства). Ідэйным папярэднікам Ф.ж. быў А.Шапенгаўэр, які сутнасцю свету лічыў «жыццё» як волю, што выяўляецца ва ўсіх падзеях Сусвету. Як цэласнае светаразуменне Ф.ж. аформілася ў працах Ф.Ніцшэ і А.Бергсона, якія сцвярджалі, што ў аснове свету ляжаць адпаведна «воля да ўлады» ці «жыццёвы парыў». У канцэпцыях В.Дзільтэя, О.Шпенглера, Г.​Зімеля, і інш. «жыццё» выступае як культ.-гіст. вопыт цывілізацыі, дзякуючы якому выяўляецца яе непаўторнасць, унікальнасць. У тэорыі пазнання Ф.ж. арыентуецца на прынцыпы інтуітывізму і лічыць адпаведнымі формамі «жыццепазнання» інтуіцыю, міф, сімвалічнае і маст. пазнанне і інш. У тлумачэнні чалавечай гісторыі Ф.ж. прытрымліваецца прынцыпу культ.-гіст. плюралізму, стрыжнем якога выступаюць абгрунтаванне унікальнасці, своеасаблівасці асобных народаў і культур і адхіленне аб’ектыўных законаў у гіст. працэсе. Ідэі Ф.ж. развіваліся і інтэрпрэтаваліся ў экзістэнцыялізме, персаналізме, прагматызме і інш. кірунках зах.еўрап. філасофіі 20 ст.

Літ.:

Кутлунин А.Г. Немецкая философия жизни. Иркутск, 1986;

Ницше Ф. Соч.: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1990;

Шпенглер О. Закат Европы: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000;

Зиммель Г. Избранное: Пер. с нем. Т. 1—2. М., 1996;

Реале Дж., Антисери Д. Западная философия от истоков до наших дней: Пер. с итал. Т. 4. СПб., 1997;

Риккерт Г. Философия жизни: Пер. с нем. Мн.;

М., 2000.

А.​Б.​Савеня.

т. 16, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)